Тут вучаць на настаўнікаў
Каля 6,5 тысячы спецыялістаў адукацыі падрыхтавана ў Лоеўскім дзяржаўным педагагічным каледжы за 55 гадоў існавання навучальнай установы.
А пачыналася яна як педагагічнае вучылішча, і першае размеркаванне настаўнікаў пачатковай школы у 1965 годзе было па ўсяму СССР. Так што дзе толькі не працавалі выпускнікі-настаўнікі з Лоева! На юбілейнай урачыстасці згадвалі, як кіраўнікі розных гадоў Павел Шарэпа, Фёдар Рэпіч, Уладзімір Краўчанка падбіралі высокакваліфікаваны, дружны калектыў педагогаў і настаўнікаў.
Прынамсі, гэтыя традыцыі працягваюцца і сучасным дырэктарам Раісай Калядой. З працуючых зараз 39 педработнікаў, 87% — вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыі. Матэрыяльна-тэхнічная база каледжа абнаўляецца за кошт заробленых пазабюджэтных сродкаў: 160 тысяч рублёў толькі за мінулы год. Тут лічаць справай гонару прадставіць кожнаму выпускніку першае рабочае месца. І сёлетнія ўжо размеркаваны, прычым 27 рабят будуць працаваць у Гомелі, 9 — у Мінску, 58 — у раёнах Гомельшчыны. І няма сумневу, што працаваць будуць ярка, творча, так, як вучылі іх педагогі. Напрыклад, выпускніца Ганна Дзядзенка прыедзе ў адну са школ Чыгуначнага раёна Гомеля. Малады спецыяліст падзялілася:
— На мой жыццёвы выбар паўплывала выкладчык выяўленчага мастацтва Алена Уладзіміраўна Кілачыцкая, выпускніца нашага каледжа 2006 года. Яна цудоўна малюе, валодае новымі тэхнікамі абстрактнага жывапісу, кампазіцыі і інсталяцыі ў інтэр’еры. А тое, чаму мы навучыліся, прадстаўлена ў каледжы на выставе, якая дорыць цудоўны настрой усім, хто да нас прыязджае.