Край гасцінных людзей
Лоеўскі раён створаны ў снежні 1926 года. Перажыў і ліквідацыю ў 1962-м, і аднаўленне ў ліпені 1966-га.
Старажылы памятаюць неаднаразовыя дыскусіі ў розныя гады пра мэтазгоднасць далучэння Лоеўшчыны да больш буйнога раёна. Жыхары гарпасёлка і сяльчане годна перажываюць усе гэтыя разважанні, бо ўпэўнены, што гераічная зямля, якая была ў 1943-м своеасаблівым масточкам для вызвалення Беларусі, не павінна стаць безыменнай. Лоеў і сёння фарпост нашай Айчыны, па фарватэры Дняпра праходзіць водная мяжа Беларусі з Украінай.
Раён воляй лёсу скіраваны на развіццё сельскай гаспадаркі. І хаця глебы тут не вельмі пладародныя, аграрыі дабіваюцца нядрэнных ураджаяў кукурузы, плюсуюць у вытворчасці малака. Сярод лепшых сельгаспрадпрыемстваў — “Калпень-агра”, “Малінаўка-агра”, “Саўгас “Зара”.
Шмат робіцца па павышэнні эфектыўнасці лесагаспадарчага комплексу калектывам мясцовага лясгаса, які па выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці за 2017 год у ліку пераможцаў і занесены на раённую Дошку гонару.
Лаяўчане ганарацца, што шэраг жылых дамоў на ўезде ў пасёлак пабудаваны з цэглы вытворчасці мясцовага камбіната будаўнічых матэрыялаў. Яна адметнага тэракотавага колеру, выраблена з гліны, што здабываецца ў раёне.
Развіццё турызму, прычым на самы розны густ, у краі лічаць адным з перспектыўных накірункаў эканамічнага росту. Тут ёсць экскурсійныя маршруты, якімі можна далучыцца да гераічнай гісторыі, зачаравацца краявідамі.
Прыязджайце ў Лоеўскі край, каб адпачыць ад гарадской мітусні, вечнай беганіны за ўяўным дабрабытам. Спяшайцеся наталіць сэрца Вечным, што застанецца пасля нас.